Галоўная задача ўстановы дашкольнай адукацыі ў летні перыяд часу арганізаваць жыццё дашкалят так, каб кожны дзень прыносіў ім нешта новае, быў напоўнены цікавым зместам, каб успаміны пра летнія канікулы, гульні, прагулкі, святы і забавы яшчэ доўга радавалі іх.

Лета ў дзіцячым садзе — гэта насычаная пара, напоўненая смехам, радасцю і весялосцю. Усе намаганні работнікаў дашкольнай установы накіраваны на аздараўленне і загартоўванне дзіцячага арганізма.



Многія думаюць, што летам дзіцячы сад «заціхае», але ў нашай установе жыццё не толькі не спыняецца, а, наадварот, б’е ключом. Больш за ўсё часу нашы выхаванцы праводзяць на вуліцы. На ўчастку праходзяць творчыя майстэрні на свежым паветры: маляванне на асфальце каляровымі крэйдамі, пясочная архітэктура, гульні з вадой, падарожжа па казках. У нас створаны такія ўмовы, каб летнія будні сталі для дзіцяці самай яркай прыгодай. Мы не проста гуляем — мы вучымся сябраваць, гартавацца, дзівіцца свету і клапаціцца аб сваім здароўі.





