З ГІСТОРЫІ РАЗВІЦЦЯ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ
НА ТЭРЫТОРЫІ ЛУКСКАГА СЕЛЬСКАГА САВЕТА
Вёска Лукі
1951г. – у калгасе “Сцяг Леніна”быў адкрыты дзіцячы сад ( загадчыцай працавала Хіневіч З.С.). Ён размясціўся ў сялянскай хаце. Садок наведвала ад15 да 20 дзяцей. Гэта былі, у асноўным, маленькія дзеці 1 -4 гадоў, бо старэйшыя ( 5 -6 гадоў) ужо дапамагалі дома па гаспадарцы. Амаль усе прадукты для харчавання дзяцей вырабляліся ў калгасе ( была свая сыраварня і маслабойня, сваё малако і мяса). Гатавалася ежа ў звычайнай печы. Праіснаваў сад не доўга. У 1953 годзе ён быў закрыты.
Вёска Вышкава
У 1969 годзе пасля пераводу бальніцы ў новы будынак (в.Лукі) у памяшканні былой бальніцы в. Вышкава быў адкрыты дзіцячы сад.
Гэта была калгасная дашкольная ўстанова (калгас імя Дзяржынскага). Працавала 1 група, яе наведвала да 30 дзяцей ад 1 года да 7. Установа працавала кругласутачна, 6 дзён у нядзелю.
Загадвала дзіцячым садам Базыльчык С.У., кухарам працавала Лэхман М.Л., выхавальнікамі (ў розны час ) – Качан А.С., Фурс В.М., прачкай – Хіневіч А.К. У 1978г. пасля аб’яднання калгасаў, дзіцячы сад быў пераведзены ў в.Асташын.
Вёска Асташын
У 1958 годзе вёскі Асташын, Любанічы, Баяры увайшлі ў склад калгаса “Сцяг Леніна”(старшыня Гарбатоўскі А.А.). Прыкладна ў гэтыя гады (1958-1959) у вёсцы Асташын быў адкрыты калгасны дзіцячы сад. Першай загадчыцай яго была Піскун С.М. Дашкольную установу наведвала да 20 дзяцей ад 1 да 7 гадоў. У 1978 годзе сюды былі пераведзены дзеці з дзіцячага сада в.Вышкава. Было арганізавана 2 групы. Да 1988 года дзіцячы сад працаваў у рэжыме кругласутачнага прыбывання дзяцей з 6-дзённым рабочым тыднем.
Вёска Лукі
У красавіку 1988г. Лукская сярэдняя школа атрымала новы будынак. У памяшканні былой школы (пасля невялікага рамонту) размясціўся дзіцячы сад. Сюды былі пераведзены дзеці з Асташынскага дзіцячага сада.
Лукскі дзіцячы сад узначаліла Бучацкая М.В. Выхавальнікі Антусевіч М.У., Багданенка В.В. Спачатку працавала 1 рознаўзроставая група (24 дзіцяці). Восенню 1988 г. адкрылася другая. Некаторы час дзіцячы сад працаваў у кругласутачным рэжыме (для дзяцей з іншых населеных пунктаў сельскага савета). Праз 2 гады (1990 г.) транспартам мясцовай гаспадаркі быў арганізаваны штодзённы падвоз дзяцей з іншых вёсак сельсавета і дзіцячы сад быў пераведзены ў рэжым дзённага прыбывання дзяцей.
1994г. – у дашкольнай установе быў праведзены капітальны рамонт: падведзены вада, каналізацыя, электрычнае ацяпленне; дабудаваны харчблок, санітарна-гігіенічныя памяшканні; будынак абкладзены цэглай; добраўпарадкавана тэрыторыя; памяшканням нададзены сучасны выгляд. З набыццём новай мэблі і абсталявання, адкрылася 3-я група. Дзіцячы сад “Церамок” у той час наведвала больш за 40 дзяцей. Выхавальнікамі ў розны час працавалі Януш Н.М., Тананка А.М., Пацалуйко Т.С., Грэмяка І.А., Богуш С.Г., Булгак Н.А., Бернацкая Л.М., Свінцова Н.У., Мардзіловіч А.У., музычным кіраўніком Дземяновіч А.Г.
У 1995г. – дашкольная установа была перададзена на баланс Лукскага сельвыканкама.
З 1 сакавіка 2006 — усе дашкольныя ўстановы (у тым ліку і Лукскі дзіцячы сад) пераведзены на бюджэт Карэліцкага раённага аддзела адукацыі.
З 2009 года дзіцячы сад набыў статус юрыдычнай асобы і атрымаў назву: дзяржаўная ўстанова адукацыі “Лукскі дзіцячы сад Карэліцкага раёна”. Дашкольная ўстанова папоўнілася маладымі спецыялістамі: Чыркун В.В., Куцэйка Т.С., Строк Т.В., Забаўская Н.В.
З дня адкрыцця (з 1988 г.) дашкольную установу наведала
звыш 400 дзяцей (37 выпускаў).
Самы вялікі выпуск -19 дзяцей (1998г);
самы малы – 3 дзіцяці (2016г ).
З 2023 года ў дзіцячым садзе функцыяніруе 1 рознаўзроставая група. Выхавальнікамі дашкольнай адукацыі працуюць Норанберг Алена Уладзіміраўна, Свінцова Вольга Валер’еўна; настаўнік-дэфектолаг Ляговіч Кацярына Генадзьеўна, музычны кіраўнік Бернацкая Лідзія Мікалаеўна. Дашкольную ўстанову па-ранейшаму ўзначальвае Бучацкая М.В.
Дзякуючы намаганням усяго калектыву ва ўстанове дашкольнай адукацыі цёпла і ўтульна, спакойна і светла, пануе любоў і разуменне. Кожны з нашых педагогаў верны сваёй справе, дорыць цяпло душы і гатовы аддаць усе свае сілы і веды для таго, каб дзяцінства ў нашых дзяцей было радасным.