А з чым гуляе ваша дзіця?
 Штодня дзіця здзяйсняе мноства маленькіх адкрыццяў, а атрыманы досвед складае ў мазаіку ведаў пра навакольны свет. Вывучаючы прадметы на смак, трываласць, пах, дзіця не мае паняцця, што можа быць небяспечным для яго. У гэтым выпадку роля бацькоў з’яўляецца ключавой. Менавіта мама і тата абавязаны засцерагчы дзіця ад аб’ектаў, якія могуць яму нашкодзіць. Пакінутыя ў лёгкадаступным месцы лёгкаўзгаральныя і атрутныя рэчывы, вострыя прадметы, лекі, запалкі могуць стаць прычынай сур’ёзных траўмаў малога. Таму, каб Ваша дзіця засталося ў цэласці і захаванасці, паспрабуйце не пакідаць яго аднаго.
Аднымі з самых небяспечных прадметаў у доме з’яўляюцца запалкі. Гуляюць з агнём дзеці, але вінаватымі з’яўляюцца бацькі. Бо пакінутыя на бачным месцы запалкі або запальнічка рана ці позна апынуцца ў дзіцяці ў руках. І колькі не папярэджвае МНС пра тое, што дзіця павінна знаходзіцца пад пастаянным наглядам, бацькі працягваюць бяздумна рызыкаваць жыццямі сваіх дзяцей.
Каб пазбегнуць трагедыі, знайдзіце час і словы, каб растлумачыць свайму дзіцяці, чым небяспечны агонь, перыядычна нагадвайце яму пра гэта. Адных перакананняў недастаткова, замацоўвайце іх асабістым прыкладам: бессэнсоўна растлумачыць дзіцяці правілы пажарнай бяспекі, калі мама кідае ў смеццевае вядро падпаленую запалку, а тата гуляецца з запальнічкай. У маленькіх дзяцей недастаткова ведаў і жыццёвага вопыту, таму яны імкнуцца пераймаць акружаючых  іх дарослх, у першую чаргу — сваіх бацькоў. Таму ў Вашых сілах закласці асновы бяспечных паводзін у дзіцяці.

Што трэба рабіць для таго, каб пазбегнуць пажару ад дзіцячага свавольства з агнём:

• з малых гадоў навучайце дзяцей правілам бяспечных паводзін;

• будзьце прыкладам ва ўсіх сітуацыях, звязаных з захаваннем правіл пажарнай бяспекі;

• не пакідайце запалкі, запальніцы, бытавую хімію, лекі ў даступных для дзяцей месцах;

• не даручайце дзецям распальваць печы, газавыя пліты, самастойна ўключаць электрабытавыя прыборы;

• ні ў якім разе не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду дарослых;

• арганізуйце дзіцяці цікавы вольны час;

• абавязкова навучыце дзіця правільным дзеянням пры пажары:

пры выяўленні пажару або прыкмет гарэння (задымлення, падвышанай тэмпературы, паху гару і да т.п.) дзіця любога ўзросту павінна неадкладна пакінуць памяшканне, паведаміць аб пажары дарослым або ў службу выратавання па тэлефоне 101 або 112, назваўшы выратавальнікам, што гарыць, дзе гарыць (дакладны адрас) і сваё прозвішча і імя.

Вельмі важна, каб бацькі запомнілі гэтыя парады. Толькі вялікім клопатам пра нашых дзяцей мы зможам папярэдзіць пажары ад дзіцячага свавольства з агнём, захаваць свой дом, маёмасць і самае дарагое — жыццё дзіцяці.

МНС Рэспублікі Беларусь