Маршрут выхаднога дня: аб інжынерыі проста і даступна
Адкуль з’явілася вада ў кранах?
На працягу навучальнага года для выхаванцаў ДУА “Лукскі дзіцячы сад Карэліцкага раёна” былі арганізаваны экскурсіі на пошту, у краму, бібліятэку і іншыя сацыяльна-значымыя аб’екты. Здавалася, што ўсё вывучылі…
Ды вось выпадак: з самага ранку па ўсім аграгарадку Лукі знікла вада. Тое, што вада ёсць у кране было звыклым і паўсядзённым, цяпер жа яе адсутнасць зацікавіла. У дзяцей узнікла шмат пытанняў, а адказы трэба шукаць сумесна з дарослымі. У той самы дзень была арганізавана экскурсія да непрыкметнай пабудовы – ваданапорнай вежы.
Дзяцей зацікавілі, таму маршруту выхаднога дня быць: курс да ваданапорнай вежы агр. Лукі разам з сям’ёй Тананка Кіры.
Мама Таццяна Мікалаеўна і тата Юрый Міхайлавіч падрыхтаваліся:
— Вядома, што для стварэння запаса вады, яе сістэматычнай падачы ў населеныя пункты без выкарыстання насосных механізмаў яшчэ ў старажытнасці выкарыстоўвалі азёры, штучныя завадзі і г.д.
Стагоддзі назад з’явіліся і першыя ваданапорныя вежы, якія размяшчаліся ў вежах замкаў. Менавіта гэтыя пабудовы імкнуліся разбурыць першымі пад час вайны, каб пакінуць людзей без вады, якую выкарыстоўвалі для тушэння пажараў і г.д.
З пытаннямі інжынерыі дапамог вядучы інжынер па цеплафікацыі ДП
“ Лукі-Агра” Дзмітрый Мікалаевіч Жывень:
— Пад зямлёй таксама цякуць рэкі! Людзі навучыліся шукаць гэтую ваду, рабіць скважыны. Гэту частку пабудовы мы не бачым, а над скважынай стаіць ваданапорная вежа, якая напоўнена вадой з падземных рэк. Ад вежы пад зямлёй пракладзены трубы да кожнай хаты. Калі Вы адкрываеце кран, то памятайце: працуе ваданапорная вежа!
Яраславу і Кіры таксама ёсць чым дапоўніць:
— Ваду трэба берагчы!
Чаму? Адкажыце самі!
Вынікам падарожжа стаў прыгожы і даступны плакат, які дапаможа разабрацца са складанымі пытаннямі інжынерыі проста і даступна!
Добрых Вам сямейных выхадных!
В.В. Свінцова,
выхавальнік ДУА “ Лукскі дзіцячы сад Карэліцкага раёна”